Тэма 15. АСОБА Ў СІСТЭМЕ МАЎЛЕНЧАЙ КАМУНІКАЦЫІ
Найбольш поўнае і сістэматычнае абгрунтаванне паняцця “моўная асоба” выкладзена ў працах Ю. М. Караулава і яго паслядоўнікаў. Моўная асоба разумеецца як “сукупнасць здольнасцей і характарыстык чалавека, што абумоўліваюць стварэнне і ўспрыманне ім маўленчых твораў (тэкстаў), якія адрозніваюцца: а) ступенню структурна-моўнай складанасці; б) глыбінёй і дакладнасцю адлюстравання рэчаіснасці, в) пэўнай мэтавай накіраванасцю” [12, с. 44].
У тэарэтыка-гнасеалагічныя мадэлі моўнай асобы Ю. М. Караулава вылучаюцца тры ўзроўні: 1) вербальна-семантычны; 2) лінгвакагнітыўны; 3) матывацыйны. Гэта трохузроўневая мадэль дазваляе разглядаць розныя якасныя прыкметы моўнай асобы ў межах трох істотных характарыстык – уласна моўнай, кагнітыўнай (пазнавальнай) і прагматычнай. Уласна моўная характарыстыка складаецца з лексікону індывіда – усяго запасу слоў і словазлучэнняў, якімі ён карыстаецца ў натуральнай вербальнай камунікацыі.
Кагнітыўная характарыстыка звязана з інтэлектуальнай сферай асобы, пазнавальнай дзейнасцю чалавека, якая прадугледжвае разумовыя працэсы. Гэта адлюстроўваецца ў выкарыстанні любімых маўленчых формул і індывідуальных маўленчых зваротаў, па якіх мы часта “пазнаём” людзей.
Прагматычная характарыстыка вызначаецца мэтамі і задачамі камунікацыі ‒ намерам адрасанта, яго інтарэсамі, матывамі і канкрэтнымі камунікатыўнымі ўстаноўкамі.
З трох узроўняў моўнай асобы толькі апошні характарызуе індывіда менавіта ў плане яго камунікатыўных здольнасцяў.
Найважнейшым у даследаванні камунікацыі з’яўляецца аналіз камунікатыўнай функцыі асобы, якая актуалізуецца ў рознабаковай камунікатыўнай дзейнасці чалавека, што, па дадзеных навукоўцаў, складае каля 80 % усяго яе існавання, а менавіта: аўдзіраванне ‒ 45 %, маўленне ‒ 30 %, чытанне ‒ 16 %, а таксама пісьмо ‒ 9 %.
Відавое паняцце “камунікатыўная асоба” значна шырэйшае за паняцце “моўная асоба”, паколькі прадугледжвае характарыстыкі, звязаныя з выбарам не толькі вербальнага, але і невербальнага кода камунікацыі з выкарыстаннем штучных і змешаных камунікатыўных кодаў. Камунікатыўная асоба разумеецца як адно з праяў асобы, абумоўленае сукупнасцю індывідуальных уласцівасцей і характарыстык, якія вызначаюцца ступенню яе камунікатыўных патрэб, кагнітыўным дыяпазонам, сфарміраваным у працэсе пазнавальнага вопыту, і ўласна камунікатыўнай кампетэнцыяй – уменнем выбару камунікатыўнага кода, які забяспечвае адэкватнае ўспрыманне і мэтанакіраваную перадачу інфармацыі ў канкрэтнай сітуацыі.
Параметры камунікатыўнай асобы. Вызначальнымі для камунікатыўнай асобы з’яўляюцца характарыстыкі, якія складаюць тры асноўныя параметры ‒ матывацыйны, кагнітыўны і функцыянальны.
Матывацыйны параметр, які вызначаецца камунікатыўнымі патрэбамі, займае цэнтральнае месца ў структуры камунікатыўнай асобы. Менавіта патрэба паведаміць нешта ці атрымаць неабходную інфармацыю служыць магутным стымулам для камунікатыўнай дзейнасці і з’яўляецца абавязковай характарыстыкай індывіда як камунікатыўнай асобы. Калі такой неабходнасці няма, то камунікацыя не адбудзецца.
Ступень матываванасці вызначаецца сілай патрэбы: чым важнейшая патрэба, тым ўстойлівейшая камунікатыўная ўстаноўка і тым паслядоўнейшае яе выражэнне у выказваннях і дыскурсах. У актуалізацыі камунікатыўнай устаноўкі назіраецца выкарыстанне або адных і тых жа камунікатыўных сродкаў (эфект узмацнення пры паўтаральнасці), або розных сродкаў (эфект узмацнення пры схаванай паўтаральнасці за кошт вар’іравання камунікатыўных сродкаў).
Кагнітыўны параметр уключае характарыстыкі, якія фарміруюць у працэсе пазнавальнага вопыту індывіда яго ўнутраны свет у інтэлектуальным і эмацыйным планах. Найбольш істотнымі для кагнітыўнага параметра камунікатыўнай асобы з’яўляюцца наступныя характарыстыкі: здольнасць адэкватнага ўспрымання інфармацыі, здольнасць да ўздзеяння на партнёра, ацэнка і самаацэнка кагнітыўнага дыяпазону і веданне сацыяльна абумоўленых нормаў вербальнай і невербальнай камунікацыі.
Кагнітыўны параметр з’яўляецца пераходным звяном паміж матывацыйным і функцыянальным параметрам. Функцыянальны параметр уключае тры характарыстыкі, якія, па сутнасці, і вызначаюць такую ўласцівасць асобы, як камунікатыўная кампетэнцыя:
а) практычнае валоданне індывідуальным запасам вербальных і невербальных сродкаў для актуалізацыі інфармацыйнай, экспрэсіўнай і прагматычнай функцый камунікацыі;
б) уменне вар’іраваць камунікатыўныя сродкі ў працэсе камунікацыі ў сувязі са змяненнем сітуацыйных умоў зносін;
в) пабудова выказванняў і дыскурсаў у адпаведнасці з нормамі абранага камунікатыўнага кода і правіламі маўленчага этыкету.
Удзельнікамі камунікацыі заўсёды з’яўляюцца людзі з уласцівымі ім сацыяльнымі, псіхалагічнымі, кагнітыўнымі, светапогляднымі асаблівасцямі, якія на працягу зносін займаюць розныя камунікатыўныя
ролі і пазіцыі.
Сацыяльная роля – гэта спосаб паводзін чалавека, абумоўлены яго сацыяльным статусам, правіламі (нормамі), прынятымі ў грамадстве. Сацыяльная роля паказвае на паводзіны, вызначаныя чалавеку яго сацыяльным (узроставым, гендарным, службовым і да т. п.) становішчам, або статусам. Сацыяльныя ролі бываюць статутныя, пазіцыйныя і сітуацыйныя.
Статутныя ролі – гэта ролі, якія чалавек атрымлівае з нараджэннем. Яны найбольш пастаянныя (канстантныя). Гэта генарныя ролі, расавыя, этнічныя, нацыянальныя, грамадзянскія або такія, па якіх чалавек непазбежна праходзіць на працягу жыцця; статутныя ролі звычайна рэдка змяняюцца.
Пазіцыйныя ролі – гэта ролі ў камунікацыі, якія вызначаюцца непасрэдна месцам чалавека ў грамадстве. Адначасова чалавек, як правіла, выконвае некалькі пазіцыйных роляў.
Сітуацыйныя ролі – больш ці менш фіксаваныя стандарты паводзін, не прывязаныя непасрэдна да іншых роляў. Сітуацыйнымі ролямі індывід авалодвае на параўнальна ранніх этапах сацыялізацыі, яны праіграваюцца на ўзроўні свядомага кантролю або на ўзроўні несвядомага. Сацыяльныя ролі выяўлены ў дзеяннях чалавека (пераважна вербальных) і вызначаюцца прафесіяй, відам дзейнасці, гендарам, узростам, рэальнымі адносінамі людзей у грамадстве.
Камунікатыўныя ролі – гэта адносна ўстойлівыя, унутрана звязаныя і чаканыя іншымі сістэмы камунікатыўных учынкаў індывіда, якія ў значнай меры вызначаны яго сацыяльным статусам, узроставымі, гендарнымі і іншымі фактарамі. Яны значна больш вузкія ў параўнанні з сацыяльнымі, таму іх рэпертуар значна шырэйшы. Камунікатыўныя ролі выяўляюцца толькі ў ходзе камунікацыі і істотна ўплываюць на характар камунікатыўнага акта. На сёння лінгвістычная навука толькі працуе над апісаннем і тыпалогіяй камунікатыўных роляў.
У залежнасці ад спосабу рэалізацыі камунікатыўных паводзін вылучаюць стандартныя і ініцыятыўныя камунікатыўныя ролі.
Стандартная камунікатыўная роля – гэта камунікатыўныя паводзіны чалавека, прынятыя ў грамадстве для адпаведнай сацыяльнай ролі і сітуацыі.
Ініцыятыўная камунікатыўная роля – гэта той вобраз, які чалавек свядома стварае ў зносінах для дасягнення пэўнай мэты; тое, што ён вырашыў рабіць у канкрэтнай сітуацыі зносін, пераследуючы пэўную прадметную мэту.
Камунікатыўныя ролі могуць быць зразумелыя адразу, з першых рэплік удзельнікаў зносін, а могуць выяўляцца паступова, у працэсе разгортвання інтэракцыі.
Маўленчыя паводзіны асобы звязваюць з яе камунікатыўнымі пазіцыямі, якія яна выбірае ў розных сітуацыях зносін.
Камунікатыўная пазіцыя – гэта камунікатыўная роля, якую падсвядома выконвае кожны з камунікантаў у адпаведнасці са сваімі індывідуальна-псіхалагічнымі асаблівасцямі.
Любы камунікатыўны акт – гэта ўзаемадзеянне як мінімум двух чалавек з дапамогай сродкаў моўнага кода. Адзін з удзельнікаў камунікатыўнага акта выступае як адрасант, другі ‒ як адрасат.
Роля адрасанта заключаецца ў тым, што ён пачынае (ініцыюе) камунікатыўны акт. Лічыцца, што менавіта ініцыятар трымае ў сваіх руках схему ўзаемадзеяння, і менавіта ад яго залежыць, наколькі паспяхова ў ходзе камунікатыўнага акта будзе рэалізавана гэта схема. Аднак паспяховасць дзеянняў таго, хто гаворыць, залежыць ад шэрага фактараў, да якіх адносяць папярэднія ўмовы, выбар правільных стратэгій і тактык, уласнай камунікатыўнай ролі і пазіцыі, правільнае вызначэнне сацыяльных і камунікатыўных роляў і пазіцый адрасанта.
Не менш важная і роля адрасата, хоць яго часта ўспрымаюць як пасіўнага ўдзельніка. Яго роля заключаецца ў рэакцыі, г. зн. адказе – вербальным або невербальным, прычым гэтыя рэакцыі фарміруюць камунікатыўны акт на працягу ўсяго працэсу камунікацыі.
Такім чынам, адрасат і адрасант ‒ актыўныя ўдзельнікі камунікацыі, пры гэтым адрасант удзельнічае ў камунікатыўным акце з моманту ініцыяцыі, а адрасат аўтаматычна становіцца удзельнікам зносін [17, с. 35–41].
Менавіта адрасанту камунікатыўны акт абавязаны сваім узнікненнем. Для таго каб зразумець, наколькі важны сам факт ініцыяцыі камунікатыўнага акта, неабходна канстатацыя гэтай думкі. Аднак часам адрасат не жадае ўдзельнічаць у камунікатыўным акце, таму што ў яго, напрыклад, адсутнічае “вотум даверу” да ініцыятара камунікатыўнага акта. Сярод абставінаў, якія фарміруюць падрыхтоўчыя ўмовы камунікатыўнага акта, варта вылучыць наступныя:
1) патрэба ці жаданне адрасанта ініцыяваць камунікатыўны акт;
2) гатоўнасць адрасата да маўленчага ўзаемадзеяння;
3) разуменне адрасатам матыву адрасанта;
4) ідэнтыфікацыя адрасатам матыву адрасанта;
5) адзінства камунікантаў у поглядзе на будучы камунікатыўны акт;
6) абазначэнне (або ўсведамленне) камунікантамі моманту пачатку маўленчага ўзаемадзеяння.
У выпадку невыканання адзначаных умоў адбудзецца наступнае:
1) адрасант не знойдзе адрасата;
2) адрасант страціць адрасата;
3) адрасат не ўступіць у кантакт;
4) адрасат адмовіцца ад кантакту;
5) камунікатыўны акт не адбудзецца.
Правілы ініцыяцыі камунікатыўнага акта можна прадставіць у выглядзе пэўнай сістэмы агульных пасылак, што рэгулююць маўленчыя паводзіны адрасанта, які павінен папярэдне ўсведамляць тое, ці мае ён права пачаць камунікатыўны акт, ці павінен і якім чынам павінен маркіраваць маўленчую сітуацыю. Генеральныя пасылкі могуць выглядаць так:
– ад мяне не чакаюць ініцыяцыі ніякага камунікатыўнага акта;
– ад мяне чакаюць ініцыяцыі гэтага камунікатыўнага акта;
– ад мяне чакаюць ініцыяцыі іншага камунікатыўнага акта.
Першая мадэль патрабуе, каб слабы бок маўленчага ўзаемадзеяння ўсведамляў тое, што ад яго не чакаюць ініцыяцыі камунікатыўнага акта. Напрыклад, студэнт, які прыйшоў на экзамен, пазбаўлены права экзаменаваць выкладчыка. Падобныя камунікатыўныя акты звычайна патрабуюць чыста аўтаматычных рэакцый партнёраў: гэта абумоўлена тым, што ўяўленні аб уласных сацыяльных магчымасцях закладзены, як правіла, у падсвядомасці індывіда.
Другая мадэль прадугледжвае выпадкі, калі ад нейкай асобы – па прычыне таго, што яна займае даволі высокую пазіцыю ў сацыяльнай іерархіі, у першую чаргу чакаецца ініцыяцыя камунікатыўнага акта. Так, калі карабель ідзе на дно, натуральней чакаць указанняў ад капітана. Гаворка ў гэтым выпадку не ідзе пра тое, што хтосьці бярэ на сябе адпаведную маўленчую ініцыятыву, – ініцыятыва гэта першапачаткова па законах сацыяльнай іерархіі належыць яму. Іншая справа, ці апраўдае асоба свой высокі сацыяльны статус, – гэта пытанне будзе вырашацца ўжо пасля заканчэння маўленчага ўзаемадзеяння. Часам рашэнне, каму належыць права ініцыяцыі камунікатыўнага акта, прымаецца з улікам моманту.
Трэцяя мадэль прадугледжвае выпадкі памылковай ініцыяцыі камунікатыўнага акта. Гэта мадэль звернута да такіх выпадкаў, як:
1) ініцыяцыя камунікатыўнага акта, які не мае прэцэдэнтаў;
2) ініцыяцыя камунікатыўнага акта, тып якога выйшаў з ужывання;
3) ініцыяцыя камунікатыўнага акта, трактаванага скажона або празмерна індывідуальна;
4) ініцыяцыя неадэкватна сігналізуемага камунікатыўнага акта;
5) ініцыяцыя камунікатыўнага акта, які не падлягае выразнай вербалізацыі (“Ідзі туды – не ведаю куды, прынясі тое – не ведаю што”).
Адрасант як асоба, якая ініцыюе камунікатыўны акт, фактычна абавязаны пазбегнуць памылак ініцыяцыі для таго, каб камунікатыўны акт мог паспяхова ажыццявіцца.
Дапусцім, усе вышэйпаказаныя правілы выкананыя. Але ў працэсе развіцця камунікатыўнага акта магчымае мноства небяспек, якія ўтвараюць групу камунікатыўных промахаў:
1) камунікатыўны акт недарэчны: рабочыя праблемы не абмяркоў-ваюцца з начальствам па хатнім тэлефоне; камплементы адной даме не робяцца ў прысутнасці іншай; прыватную інфармацыю не перадаюць праз трэціх асоб і г. д.;
2) камунікатыўны акт несвоечасовы. Прыступаючы да аналізу
“фактару часу”, варта адзначыць, што часта размежаваць недарэчныя і несвоечасовыя камунікатыўныя акты бывае цяжка, таму што камунікатыўныя акты ёсць з’ява прасторава-часовая;
3) камунікатыўны акт дысбалансаваны: ён можа не адбыцца па прычыне яго няправільнага адрасавання. Вызначаючы тып будучага камунікатыўнага акта, адрасант як бы прызначае на ролю адрасата тую ці іншую кандыдатуру. Пытанне аб дасягненні балансу паміж адрасантам і адрасатам – пытанне першараднай важнасці, бо непрымальны камунікатыўны акт – гэта часцей за ўсё не што іншае, як камунікатыўны акт, непрымальны адрасатам;
4) камунікатыўны акт дэзарыентаваны. Гэта мадэль уяўляе вобласць зместу маўленчай сітуацыі. З чым канкрэтна мы звяртаемся да адрасата, што менавіта мы маем намер яму паведаміць, з нагоды чаго хацелі б выслухаць яго меркаванне – гэта і ёсць сутнасць камунікатыўнага акта. У нашай свядомасці спачатку ўзнікае “што”, а потым “да каго”, “дзе” і “калі” [20, с. 33].
Сучасная навука прызнае, што адрасат ёсць роля актыўная, якая патрабуе ад выканаўцы перш за ўсё дзеянняў, як маўленчых, так і немаўленчых, як у ходзе камунікатыўнага акта, так і за яго межамі. Роля адрасата таксама прадугледжвае наяўнасць камунікатыўнай стратэгіі. Тыповыя камунікатыўныя стратэгіі адрасата, які ўступае ў камунікатыўны акт, а таксама найбольш верагодныя пралікі ў гэтых камунікатыўных стратэгіях таксама можна пэўным чынам сістэматызаваць. Перш за ўсё разнастайныя камунікатыўныя стратэгіі аб’ядноўваюцца ў дзве вялікія групы на падставе таго, ці праінфармаваны адрасат аб будучым камунікатыўным акце. У залежнасці ад гэтага ў дачыненні да адрасата адрозніваюць нечаканыя і чаканыя камунікатыўныя акты.
У выпадку нечаканага камунікатыўнага акта перш за ўсё важна помніць, што ніхто не мае права прымусіць адрасата да ўдзелу ў ім. Існуе мноства спосабаў своечасова і эфектыўна ўхіліцца ад непажаданага кантакту, выкарыстоўваючы для гэтага адно з шматлікіх прагматычных клішэ. Добраахвотны ўдзел у камунікатыўным акце адназначна кваліфікуецца ў якасці абсалютнага закона, і, калі б камуніканты сапраўды выконвалі яго, многіх камунікатыўных няўдач можна было б пазбегнуць. Дастатковай падставай для няўдзелу ў працэсе маўленчага ўзаемадзеяння цалкам можа служыць усведамленне адрасатам уласнай непадрыхтаванасці да камунікатыўнага акта. Так, адрасат постараецца ухіліцца ад маўленчага ўзаемадзеяння ў тым выпадку, калі ён адчувае сябе няўпэўнена ў адносінах да прадмета абмеркавання (рэферэнта). Аднак чым менш спецыяльны характар носіць дыялог, тым больш тых, хто жадае ўдзельнічаць у ім на роўных правах з іншымі. Так, праблематыка, якая тычыцца агульнай філасофіі, культуры, мастацтва, адукацыі, медыцыны, палітыкі, ідэалогіі, эканомікі, уяўляе сабой найбольш неабароненую ад умяшальніцтва старонніх вобласць. Складаней, калі даводзіцца ўзаемадзейнічаць з адрасантам, знаёмым з адпаведнай праблематыкай не па чутках. Лепшы тактычны прыём у гэтым выпадку – даць магчымасць моўцу ўтрымліваць маўленчую ініцыятыву столькі, колькі ён лічыць патрэбным. У лінгвістычнай прагматыцы падобная сітуацыя ёсць сітуацыя выбару пазіцыі ў адносінах да ініцыятара камунікатыўнага акта. Выбраная пазіцыя можа быць пазіцыяй слухача, пазіцыяй суразмоўцы або пазіцыяй крытыка.
Непадрыхтаванасць да камунікатыўнага акта можа быць агучана прама як адмова ад удзелу ў ім ці на першым жа этапе маўленчага ўзаемадзеяння ператворана ў камунікатыўную стратэгію, якая прадугледжвае – з дапамогай прадастаўлення адрасанту магчымасці ўтрымліваць маўленчую ініцыятыву – выяўленне ўзроўню спецыялізацыі субяседніка і прычын яго інтарэсу да фігуры адрасата, а таксама – пасля вызначэння адрасатам узроўню ўласнай камунікатыўнай абароненасці – выбар канкрэтнай пазіцыі (слухач, суразмоўца, крытык) у структуры будучага камунікатыўнага акта.
Чаканыя камунікатыўныя акты можна размеркаваць на дзве падгрупы:
1) камунікатыўныя акты, меркаваныя адрасатам;
2) камунікатыўныя акты, абвешчаныя адрасантам.
Пры абмеркаванні камунікатыўнага акта абедзвюх падгруп спатрэбіцца ўвесці шырока ўжывальны ў сучасных лінгвістычных дысцыплінах тэрмін прагматычнай прэсупазіцыі. Прэсупазіцыю вызначаюць як наяўнасць у камунікантаў папярэдніх ведаў. Прагматычная прэсупазіцыя прадугледжвае, што частка прапанаванай інфармацыі відавочная і добра вядомая слухачу. Натуральна, што чым вышэйшая спецыялізацыя камунікатыўнага акта, тым больш дакладныя прэсупазіцыі павінны мецца ў камунікантаў адносна адзін аднаго. Агульныя прэсупазіцыі вызначаюцца часцей за ўсё ў катэгорыях энцыклапедычных ведаў аб свеце. Папярэднюю гатоўнасць да меркаваных камунікатыўных актаў забяспечвае набор агульных прагматычных поэсупазіцый, існуючы ў распараджэнні чалавека. Яны і ствараюць мінімальна неабходны ўзровень “абароненасці” адрасата пры ўступленні яго ў камунікатыўны акт. Толькі маючы ў сваім распараджэнні прэсупазіцыю (тое, што вядома), я змагу зразумець асерцыю (тое, што сцвярджаецца). Калі падрыхтоўка да меркаванага камунікатыўнага акта ажыццяўляецца па схеме “калі – то”, звычайна “пераігрываюцца” ўсе асноўныя тыпы рэакцый. Безумоўна, калі камунікатыўны акт только мяркуецца, а не аб’яўлены, верагоднасць памыліцца ў яго характары немаленькая. У гэтым выпадку варта ўжыць т. зв. адтэрмінаваную камунікатыўную стратэгію.
Калі камунікатыўны акт абвешчаны адрасантам, ухіліцца ад яго можна толькі не з’явіўшыся. У лінгвістычнай прагматыцы існуе адно добрае правіла: адрасат мае права ведаць змест (а часам і структуру) абвешчанага камунікатыўнага акта. Права гэтае дыктуецца патрабаваннямі не толькі этыкі, але і прагматыкі: стартавыя магчымасці павінны быць аднолькавымі. У працэсе камунікатыўнага акта комунікантам варта час ад часу пасылаць адзін аднаму “сігналы”, якія сведчаць аб тым, што абодва ўсё яшчэ знаходзяцца ва ўмовах абвешчанага маўленчага ўзаемадзеяння.